рефераты
рефераты рефераты
 логин:   
 пароль:  Регистрация 

МЕНЮ
   Архитектура
География
Геодезия
Геология
Геополитика
Государство и право
Гражданское право и процесс
Делопроизводство
Детали машин
Дистанционное образование
Другое
Жилищное право
Журналистика
Компьютерные сети
Конституционное право зарубежныйх стран
Конституционное право России
Краткое содержание произведений
Криминалистика и криминология
Культурология
Литература языковедение
Маркетинг реклама и торговля
Математика
Медицина
Международные отношения и мировая экономика
Менеджмент и трудовые отношения
Музыка
Налоги
Начертательная геометрия
Оккультизм и уфология
Педагогика
Полиграфия
Политология
Право
Предпринимательство
Программирование и комп-ры
Психология - рефераты
Религия - рефераты
Социология - рефераты
Физика - рефераты
Философия - рефераты
Финансы деньги и налоги
Химия
Экология и охрана природы
Экономика и экономическая теория
Экономико-математическое моделирование
Этика и эстетика
Эргономика
Юриспруденция
Языковедение
Литература
Литература зарубежная
Литература русская
Юридпсихология
Историческая личность
Иностранные языки
Эргономика
Языковедение
Реклама
Цифровые устройства
История
Компьютерные науки
Управленческие науки
Психология педагогика
Промышленность производство
Краеведение и этнография
Религия и мифология
Сексология
Информатика программирование
Биология
Физкультура и спорт
Английский язык
Математика
Безопасность жизнедеятельности
Банковское дело
Биржевое дело
Бухгалтерский учет и аудит
Валютные отношения
Ветеринария
Делопроизводство
Кредитование



Главная > Государство и право > РЭФОРМА - УСТУПКА РУСІФІКАЦЫІ. Реферат.

Государство и право : РЭФОРМА - УСТУПКА РУСІФІКАЦЫІ. Реферат.

РЭФОРМА - УСТУПКА РУСІФІКАЦЫІ. Реферат.

Рэферат падрыхтаваў:

Кардаш Яраслаў Сцяпанавіч

Праверыла:

Муравіцкая А. М.

Мінск 2002

ідэалагічны аспект

+------------------------------------------------------------------------+

| Сёння мы маем даволі багата публікацый па тэме, якую дзесяцігоддзямі |

| не адважваліся ўздымаць на старонках навуковай літаратуры, у |

| перыядычным друку. Тэма гэта - рэформа беларускага правапісу 1933 |

| года. У друку часцей за ўсё выступалі па ёй навукоўцы-філолагі. Так |

| што лінгвістычны аспект больш-менш поўна асветлены. Але ў данай |

| праблемы, на маю думку, ёсць і яшчэ адзін не менш важны аспект - |

| сацыяльна-палітычны, ідэалагічны, без разгляду якога цяжка зразумець, |

| чаму пры рэфармаванні правапісу часам так рэзка разыходзіліся пазіцыі |

| навукоўцаў-філолагаў, майстроў мастацкага слова толькі з-за |

| якой-небудзь адной літары. |

| |

| САЛІДНЫ ПАЧАТАК |

| |

| Набыццё беларускай мовай неўзабаве пасля Кастрычніцкага перавароту |

| статуса дзяржаўнай, афіцыйнае прызнанне, што ёй, як мове пераважнай |

| большасці насельніцтва рэспублікі, належыць самы шырокі спектр |

| сацыяльных функцый, паставілі на парадак дня велізарнай важнасці |

| задачу ўнармавання беларускай мовы. За час, як на ёй сталі пісаць |

| мастацкія творы і навуковыя працы, весці службовае справаводства, |

| заняткі ва ўсіх тыпах выхаваўчых і навучальных устаноў, добра |

| высветлілася, што яна, каб найлепш спраўляцца з выкананнем такога |

| шырокага дыяпазону функцый, патрабуе даволі значнага марфалагічнага, |

| фанетычнага і лексічнага ўпарадкавання. І тут няма нічога дзіўнага, |

| калі ўлічыць працяглы час існавання ў беларусаў толькі вуснай мовы. У |

| выніку ў перад- і паслярэвалюцыйнай беларускай літаратурнай мове |

| існаваў значны разнабой у напісанні слоў, што перашкаджала ёй быць |

| надзейным сродкам зносін паміж людзьмі, наспяхова спраўляцца з |

| ускладзенымі на яе ў сувязі з ажыццяўляемай палітыкай беларусізацыі |

| сацыяльнымі функцыямі. Рэформа беларускага правапісу станавілася |

| гістарычнай неабходнасцю, да чаго рыхтаваліся з усёй сур\\\'ёзнасцю, |

| прыслухоўваліся да кожнай слушнай прапановы. |

| |

| Першым буйным мерапрыемствам на гэтым шляху было правядзенне 14-21 |

| лістапада 1926 года ў Менску па ініцыятыве Інбелкульта акадэмічнай |

| канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу. Менскі мовазнаўчы форум |

| выклікаў да сябе вялікую зацікаўленасць не толькі навукоўцаў |

| рэспублікі. |

| |

| У канферэнцыі бралі ўдзел 69 чалавек. Але не ўсе, хто прыехаў на яе, |

| лічылі абавязковым рэформу беларускага правапісу і азбукі. Сярод іх |

| быў і добры знаўца беларускай мовы С.Некрашэвіч. «Наша літаратурная |

| мова, - гаварыў ён, - консолідаваўшы народныя гутаркі, вырасла ўжо ў |

| сталы організм, які не патрабуе над сабой грунтоўных... опэрацый». |

| Такі погляд у пэўнай ступені мог сфармавацца на базе яго сяброўскіх |

| адносін з аўтарам «Беларускай граматыкі для школ» Браніславам |

| Тарашкевічам, якую якраз і збіраліся рэфармаваць удзельнікі |

| канферэнцыі і перш за ўсё Я.Лёсік, які меркаваў выступіць на ёй з |

| асноўным дакладам. С.Некрашэвіч выказаўся за поўнае адхіленне праекта |

| братоў Лёсікаў. |

| |

| Удзельнікі філалагічнага форуму паказалі добрае веданне сутнасці |

| праблемы моўнага развіцця ў рэспубліцы ў святле нядаўна абвешчанай |

| беларусізацыі. Цяжкасці яе вырашэння справядліва бачылі ў неспрыяльных |

| умовах мінулага. Аднак такое становішча з беларускай мовай не пужала |

| яе шчырых рупліўцаў. Яны былі ўпэўнены, што шляхам стараннай працы па |

| ўнармаванні правапісу можна будзе паступова давесці яе да таго |

| ўзроўню, якому адпавядаюць старыя эўрапейскія літаратурныя мовы, |

| забяспечваючы гэтым самым росквіт нацыянальнай культуры. |

| |

| Непасрэдна сам філалагічны аспект парадку для канферэнцыі пачаў |

| разглядацца толькі з падрабязнага аргументаванага выступлення С. |

| Некрашэвіча. Ён не быў прыхільнікам карэннай ломкі моўнай спадчыны, |

| заяўляючы, што ў складзенай Б.Тарашкевічам «Беларускай граматыцы для |

| школ» правільна вызначаны асноўныя законы беларускай літаратурнай |

| мовы». Затое ў сінтаксісе ім бачылася «шмат неўласьцівых для |

| беларускай мовы канструкцый пабудовы сказу». Прамоўца выказаў |

| занепакоенасць наплывам у беларускую лексіку слоў (асабліва |

| абстрактнага значэння) з іншых моў і стаяў за ўтварэнне такіх на базе |

| ўласнага слоўнікавага матэрыялу з паступовай заменай усяго таго |

| чужога, што набралася ў беларускай мове. «Тэндэнцыя да замены |

| чужаземнай стыхіі сваёю, - гаварыў С.Некрашэвіч, - не ёсць толькі |

| з\\\'явішча беларускай культуры». І з гэтым нельга не пагадзіцца, |

| ведаючы, якая мэтанакіраваная праца праводзілася многімі народамі па |

| ачышчэнні сваіх літаратурных моў ад залішніх запазычанняў. Без такой |

| працы не абысціся і сённяшняму корпусу філолагаў нашай краіны, калі мы |

| жадаем узняць прэстыж беларускай мовы як дзяржаўнай у вачах яе |

| носьбітаў. |

| |

| Яшчэ глыбей пранік у сутнасць разглядаемай на канферэнцыі праблемы |

| Я.Лёсік, які азнаёміў прысутных з канкрэтным праектам па рэформе |

| беларускай азбукі. Гэта ўжо было не першае выступленне Я.Лёсіка па |

| данай праблеме. У адрозненне ад С.Некрашэвіча аўтар праекта па рэформе |

| беларускай азбукі лічыў, што апошняя «не адпавядае ўва ўсіх пунктах |

| гукавому пісьму... ня мае ўласнага твару», таму ён прапанаваў |

| набліжаць беларускую азбуку да гукавога пісьма, «каб не абярнуць яго ў |

| такое мёртвае і труднае для навучаньня, якім з\\\'яўляецца пісьмо |

| францускае або ангельскае». |

| |

| Апанентаў у Я.Лёсіка аказалася больш, чым прыхільнікаў. Беларускую |

| азбуку вырашылі не кранаць. |

| |

| З няменшай крытыкай ішло і абмеркаванне прапанаванага Я.Лёсікам |

| праекта рэформы беларускага правапісу, што сведчыла аб сур\\\'ёзным |

| падыходзе да праблемы, папярэджвала аб усялякіх памылках пры прыняцці |

| канкрэтных рашэнняў. Сутнасць свайго погляду Я.Лёсік выказаў так: «... |

| каб пісьмо было простае і лёгкае, дзеля гэтага яно не павінна |

| разыходзіцца з жывым вымаўленнем слоў». Таму ён не пагаджаўся з |

| Б.Тарашкевічам, што той фанетычны прынцып увёў толькі пры напісанні |

| галосных гукаў. З найбольш істотных паправак Я.Лёсіка, якія выклікалі |

| шмат спрэчак, былі: увядзенне поўнага аканьня і на чужаземныя словы, |

| адмена напісання «ь» паміж падвойнымі зычнымі (жыцьцё - жыццё), пасля |

| «з» і «с» (зьвер - звер, сьнег - снег). Пасля грунтоўнага абмеркавання |

| напісанне «а» ў ненаціскных складах іншаземных слоў зацвердзілі, што |

| нельга не прызнаць за правільнае рашэнне. Для прыняцця яго, |

| бясспрэчна, важную ролю адыграла цвёрдая пазіцыя сакратара Правапіснай |

| камісіі Мялешкі, што «кожны народ вымаўляе чужаземныя словы згодна |

| сваёй уласнай нацыянальнай акцэнтацыі», і С.Некрашэвіча, які оканне ў |

| замежных словах разглядаў як супярэчнасць адзінству народнай і кніжнай |

| мовы. |

| |

| Затое адразу высветлілася, што ў Я.Лесіка будзе вельмі мала аднадумцаў |

| у дачыненні да мяккага знака. Першым вельмі цвёрдую апазіцыю ў гэтым |

| заняў С.Некрашэвіч, спасылаючыся, што і ў старабеларускай мове |

| выкарыстоўвалі «ь» у словах сьнег, зьвер і інш. «Можна многа |

| павыкідаць значкоў, - гаварыў ён, - і дайсьці ўрэшце да кітайскай |

| азбукі, але ж гэта не заслуга азбукі. Азбука і правапіс тады добрыя, |

| калі яны па магчымасьці азначаюць кожныя гукі, ва ўсякім выпадку |

| характэрныя з іх. А што нашыя мяккія зычныя, асабліва сьвісьцячыя, |

| гукі характэрныя, аб гэтым і гаварыць не прыходзіцца». |

| |

| С.Некрашэвіча цалкам падтрымаў П.Растаргуеў, заявіўшы, што «напісаньне |

| звер, дзвёх, мядзведзь, свет, цвет, суддзя, жыццё, ралля, чытанне без |

| «ь» будзе мець вынікам усваеньне няправільнага вымаўленьня падобных |

| слоў. Спасылка на іншыя мовы беспадстаўная; напрыклад, у расійскай |

| мове мае месца мяккае вымаўленьне некаторых зычных, але пры |

| адсутнасьці азначэньня мяккасьці пры напісаньні яна губляецца ў жывым |

| вымаўленьні пісьменных людзей, і ў значнай большасьці даводзіцца чуць |

| цьвёрдае вымаўленьне... Паказаньне ў граматыках на вымаўленьне гэтых |

| зычных не выратуе становішча». На думку І.Бялькевіча, ад неўжывання |

| «ь» паміж падвойнымі мяккімі зычнымі траціцца асаблівасць беларускай |

| мовы. |

| |

| Увагу ўдзельнікаў канферэнцыі прыцягнула правіла напісання «у» і «і» |

| пасля галоснага папярэдняга слова. Вельмі катэгарычным тут быў |

| П.Растаргуеў, сцвярджаючы, што калі ў такіх выпадках зазначаныя літары |

| не пісаць як нескладовыя, «значыць сьцерці ў пісьмовай перадачы |

| беларускай мовы адну з найбольш характэрных яе асаблівасьцяй». З ім |

| пагаджаўся П.Бузук, спасылаючыся тут на ўкраінскі вопыт, дзе нават «і» |

| нескладовае пішуць у пачатку слова, калі папярэдняе канчаецца на |

| галосны. Удзельнікі канферэнцыі не пагадзіліся з такой прапановай у |

| дачыненні да «і». |

| |

| Пры такой саліднай гаворцы на канферэнцыі аб маючай неўзабаве адбыцца |

| рэформе правапісу беларускай мовы не магло не ўзнікнуць і пытанне аб |

| ужыванні лацінскага алфавіта. Сярод праціўнікаў яго былі і такія |

| выдатныя знаўцы беларускай мовы, як В.Ластоўскі, Я.Лёсік, |

| С.Некрашэвіч, П.Растаргуеў. Але дух талерантнасці, які панаваў на |

| працягу ўсяго часу працы канферэнцыі, даў магчымасць смела выступіць і |

| ў абарону лацінкі. Пераканаўча адстойваў яе П.Бузук: «... надыходзіць |

| час падумаць аб лацініцы; бязумоўна, да гэтага справа дойдзе; мы |

| эўропеізуемся, мы прынялі новы стыль, мы прынялі дзесятковую сыстэму |

| мер, нам застаецца зрабіць апошні крок - перайсці да лацінікі». |

| |

| Асаблівым клопатам удзельнікаў канферэнцыі з\\\'яўлялася ачышчэнне |

| беларускай мовы ад залішніх уплываў з боку расейскай. І гэта |

| зразумела: атрымаўшы статус дзяржаўнай, беларуская мова не магла болей |

| заставацца на ўзроўні сапсаванай расейскай мовы. На пазіцыях |

| сапраўднага пурытаніна ў гэтым пытанні трывала стаяў гісторык і |

| публіцыст, у мінулым рэдактар «Нашай Нівы» В.Ластоўскі. Фанетычныя |

| адступленні ад народнай мовы, на яго думку, выкліканы перш за ўсё |

| запазычаннем расейскай абацэды (алфавіта). Датычыла гэта і дыфтонгаў |

| уо(юю=іоу), ые(іе), якія складаюць адну з асаблівасцей беларускай |

| мовы. Замена дыфтонгаў «аднэй літарай расійскай абацэды, - гаварыў |

| В.Ластоўскі, - з\\\'явішча штучнае і надта шкоднае для захаваньня |

| натуральнай чыстаты мовы». Дзякуючы такой замене людзі гавораць |

| па-крыўску, але з маскоўскім акцэнтам. Яго зусім не задавальняла, што |

| ў беларускім правапісе фанетычная перадача захоўваецца толькі ў |

| канчатках слоў (зрабіў, валоў), а іх карані пішуцца па-расейску (звон |

| замест звуон). «У выніку гэтага наша старая і самабытная мова... |

| выглядае правінцыяльным дыялектам расійскай мовы, а гэтае апошняе |

| з\\\'яўляецца перашкодай адраджэньню нашай пісьменнасьці». На яго думку, |

| «ня толькі ў слове, як зьмесьце народнай мысьлі, але і ў форме гэтага |

| слова, у кожным паасобным гуку яго ці злучэньні гукаў адбіваецца |

| гісторыя народу». Таму трэба «дасягнуць таго, каб нашы словы, формы і |

| гукі на пісьме былі адбіццём гісторыі нашай пісьменнасьці, гісторыі |

| крыўскага, а не расійскага ці польскага народаў, сярод моваў якіх наша |

| пісьменная мова выглядае цяпер як толькі правінцыяльная адмена...» |

| |

| Спецыяльна не бралі слова на канферэнцыі Янка Купала і Якуб Колас. Але |

| вядома па выніках пайменнага галасавання і іншых крыніцах, што яны |

| былі супраць таго, што канферэнцыя прыняла прапазіцыю С.Некрашэвіча |

| пісаць «я» толькі ў першым складзе перад націскам і пакінула без |

| змяненняў напісанне «не» і «без», калі яны стаяць асобна (г.зн. не |

| падлягалі яканню). Я.Колас стаяў за пашырэнне якання і ў другім |

| складзе пасля націску, за напісанне «німа», «ніхай», быў супроць |

| ужывання «а» замест ненаціскнога «о» ў чужаземных словах. |

| |

| Усе дні, пакуль працягвалася работа канферэнцыі, яна была ў цэнтры |

| ўвагі самых розных пластоў беларускага народа, што дало падставу |

| старшыні Інбелкульта Ў.Ігнатоўскаму ў сваім заключным слове заявіць: |

| «Мы не забылі беларускай мовы, чаго баяўся Багушэвіч... Мы павінны |

| вызначыць вялікую зацікаўленасьць працамі канферэнцыі з боку шырокіх |

| рабоча-сялянскіх мас Беларусі. Нашы пасяджэньні заўсёды мелі шмат |

| гасьцей, асабліва вечарамі. Некаторыя з іх прасілі нават слова. Газэты |

| нашы, у якіх апісвалася дэтальна праца канферэнцыі, чыталіся нарасхват |

| і пасьля прачытаньня хаваліся ў прыватных бібліятэках». |

| |

| РЭФОРМА - УСТУПКА РУСІФІКАЦЫІ |

| |

| З рознымі пачуццямі і настроем пакідалі людзі канферэнцыю. Адных яна |

| радавала сваімі вынікамі, другіх - засмучала. Але як першыя, так і |

| другія добра ўсведамлялі, што наперадзе іх яшчэ чакае вялікая праца, |

| каб ачысціць беларускую мову ад усяго таго, што было не ўласціва яе |

| нутраной прыродзе, каб зрабіць яе ва ўсім адпаведнай так нядаўна |

| набытаму статусу дзяржаўнай. І вопытныя беларускія мовазнаўцы актыўна |

| ўзяліся за гэтую высакародную справу. Аднак адчувалася, што з кожным |

| годам усё цяжэй і цяжэй праводзіць карысныя ідэі ў жыццё. З распачатай |

| у канцы 20-х гадоў барацьбой з т.зв. беларускім нацыянал-дэмакратызмам |

| да ходу працы па падрыхтоўцы новага правапісу раптам выказалі вялікую |

| зацікаўленасць асобы, прафесійны статус якіх не меў нічога агульнага з |

| праблемай мовазнаўства. Пэўны ўплыў імкнуліся рабіць яны і на склад |

| навукоўцаў, што павінны былі далей займацца данай справай. І трэба |

| думаць, што не абыходзілася тут і без выкарыстання матэрыялаў |

| праведзенай у лістападзе 1926 года Канферэнцыі па рэформе беларускага |

| правапісу і азбукі. Паводле зместу выступленняў на ёй партыйныя органы |

| маглі скласці даволі поўныя ўяўленні аб палітычных перакананнях |

| кожнага, хто браў слова, і ўжо вырашыць, даць ці не даць яму |

| магчымасць удзельнічаць у распрацоўцы беларускага правапісу. Асаблівую |

| падазронасць выклікалі тыя, хто быў вельмі заклапочаны праблемай |

| ачышчэння беларускай мовы ад русізмаў і ўвогуле ад уплыву на яе з боку |

| расейскай. А такіх поглядаў прытрымлівалася большасць удзельнікаў |

| данага форуму, і свае пазіцыі яны выказвалі не завуалявана, а адкрыта, |

| не думаючы, што хтосьці гэтаму будзе даваць палітычную афарбоўку. Для |

| доказу прывядзем хаця б такія словы з выступлення А.Лёсіка: |

| «Уласьцівасьць беларускай мовы стане больш выразнай, калі мы будзем |

| пісаць «прышлі у хату», чым «прышлі ў хату», бо апошняе напісаньне |

| набліжае беларускае выражэньне да расійскага «в хату» («ў» бліжэй да |

| «в», чым «у»)». Пераканаўча паказваў, як адмоўна паўплывалі на |

| адметнасць беларускай мовы некрытычныя запазычанні з расейскага |

| правапісу, В.Ластоўскі. Таму не дзіва, што менавіта гэтых навукоўцаў |

| першымі адхілілі ад далейшай працы над беларускім правапісам. Ужо ў |

| снежні 1930 года Я.Лёсіка пазбавілі звання акадэміка АН БССР, а ў |

| красавіку наступнага года выслалі за межы рэспублікі. Тады ж падобны |

| лёс напаткаў і старшыню Правапіснай камісіі, віцэ-прэзідэнта АН БССР |

| С.Некрашэвіча. |

| |

| Можна было б прывесці і яшчэ шэраг фактаў, якія сведчаць пра |

| неспрыяльныя ўмовы для завяршэння працы па складанні беларускага |

| правапісу. Абмяжуемся хаця б такім. Ці ж маглі навукоўцы-мовазнаўцы АН |

| БССР шчыра клапаціцца пра захаванне і прымнажэнне народнай лексікі, |

| калі ў выдадзенай у Менску ў 1931 годзе кнізе «Навука на службе |

| нацдэмаўскай контррэвалюцыі» С.Вальфсон пісаў, што ў калектыве гэтай |

| навуковай установы нічым іншым не займаюцца, як запаўненнем слоўнікаў |

| пакрытымі плесенню вякоў, нікому не зразумелымі архаізмамі. Паводле |

| яго фальсіфікацый, «нацдэмы лічылі сваёй важнейшаю задачаю вытравіць з |

| беларускай мовы ўсякія элементы расейскай мовы». Зразумела, цяпер ужо |

| кожны, хто быў прыцягнуты да складання беларускага правапісу, імкнуўся |

| - каб толькі не быць залічаным у «нацдэмы» - абавязкова ўнесці штосьці |

| з расейскай мовы ў беларускую, нягледзячы, як гэта стасуецца да яе. |

| |

| Такі ход падзей задавальняў партыйныя і савецкія органы рэспублікі. |

| Яны нават не палічылі патрэбным дапусціць да працы над рэформай |

| правапісу і аднаго з вядомых навукоўцаў у галіне беларускай філалогіі |

| - Браніслава Тарашкевіча, «Беларуская граматыка для школ» якога ў 1929 |

| годзе перажыла пятае выданне. Сам аўтар яе з 7 жніўня 1933 года пасля |

| абмену на Ф.Аляхновіча жыў у СССР, праўда, не ў Менску, а ў Маскве пад |

| пільным тайным наглядам спецслужбаў НКУС і працаваў там у Міжнародным |

| аграрным інстытуце, а не, напрыклад, на філалагічным факультэце |

| сталічных ВНУ ці ў АН СССР. Б.Тарашкевіч прыехаў у СССР прыкладна за |

| 20 дзён да прыняцця пастановы СНК БССР аб зменах у правапісе, так што |

| пры жаданні пэўных навуковых і ведамасных структур гэты навуковец |

| паспеў бы сказаць сваё аўтарытэтнае слова ў беларускай філалогіі, і не |

| выключана, удалося б хоць крыху зменшыць хібнасць ажыццёўленай |

| рэформы, пазбегнуць узнікнення дзвюхварыятнасці беларускай мовы ў |

| межах Савецкай і Заходняй Беларусі. |

| |

| Воляй лёсу дзень 26 жніўня 1933 года вельмі многае змяніў у жыцці |

| беларускай мовы і разам з гэтым істотна паўплываў на агульны стан |

| духоўнай культуры нашага народа. У той дзень Савет Народных Камісараў |

| БССР без папярэдняга абмеркавання шырокімі коламі грамадскасці прыняў |

| пастанову «Аб зьменах і спрашчэнні беларускага правапісу», пра |

| мэтазгоднасць якой вось ужо шэсць дзесяткаў гадоў вядуцца спрэчкі. І |

| як высвятляецца, найбольшую інтэнсіўнасць і востры характар набываюць |

| яны тады, калі ў грамадстве актывізуюцца працэсы дэмакратызацыі, |

| робіцца крытычная ацэнка пройдзенага шляху ў галіне нашага духоўнага |

| развіцця. |

| |

| З філалагічнага боку праведзеная ў 1933 годзе рэформа беларускага |

| правапісу, як адзначалася вышэй, даволі падрабязна асветлена, таму |

| яшчэ раз спыняцца на гэтым аспекце няма патрэбы. Калі што і ўпушчана ў |

| публікацыях апошняга часу, дык гэта глыбокі параўнальны аналіз таго, |

| дзе, у чым і як удалося ўрэзаць адметнасць беларускай мовы за кошт |

| свядомай падгонкі яе пад расейскую. А без такога аналізу нельга даць |

| правільнага адказу, чым стаўся для беларускай мовы і не забыты па |

| сёння гэты жнівеньскі дзень 1933 года. Пакідаючы данае пытанне для |

| спецыялістаў-філолагаў, скажу толькі ў самых агульных словах, што з |

| увядзеннем новага правапісу беларуская мова воляй пэўных людзей была |

| істотна набліжана да расейскай, шмат у чым страціўшы сваю |

| самабытнасць, а галоўнае - магчымасць супраціўляцца асіміляцыі з боку |

| апошняй. Свядомае, мэтанакіраванае набліжэнне да расейскай мовы відаць |

| хаця б з новага напісання наступных слоў: цвет замест цьвет, адпаведна |

| снег - сьнег, з\\\'есці - зьесці, гарадскі - гарадзкі, волжскі - волскі, |

| кольцы - колцы, методыка - мэтодыка, клас - кляс, фізіка - фізыка, |

| універсітэт - універсытэт, комунізма - комунізму, метр - метар, фунт - |

| хунт. У дачыненні да небеларусаў лічылася правільным ужываць толькі |

| Іосіф, Нікалай, а беларусы маглі пры жаданні пісаць свае імёны Базыль |

| і Васіль, Восіп і Язэп, Янка і Іван. Менавіта з гэтага часу і пачалося |

| перакручванне ў розных асабовых дакументах напісання самабытных, |

| арыгінальных беларускіх імёнаў, у выніку чаго і тут нанесена вялікая |

| шкода нацыянальнай культуры. |

| |

| Набліжэннем правапісу беларускай мовы да расейскай трэба лічыць дазвол |

| на пашырэнне ў першай дзеепрыметнікавых форм, напісанне не пад |

| націскам «о» ва ўсіх інтэрнацыянальна-рэвалюцыйных словах, напісанне |

| «не» і «без» праз «е» незалежна ад націску наступнага за ім слова. |

| |

| Асіміляцыйная накіраванасць рэформы 1933 года з\\\'яўляецца яе галоўнай |

| сутнасцю, дамінантай. Усё пазітыўнае ў рэформе - вельмі нязначнае ў |

| параўнанні з нанесенай ёю шкодай беларускай мове. Яна ў значнай |

| ступені згубіла сваю мілагучнасць, стала мала абароненай ад |

| расейскамоўнага ўплыву. |

| |

| Ідэалагічныя службы кампартыі, якім удалося на самым вырашальным этапе |

| рэформы ўзяць пад свой кантроль працу навукоўцаў-мовазнаўцаў, не |

| сумняваліся, што з прыняццем вышэйназванай пастановы СНК БССР не |

| спыніцца гаворка пра гэтую зусім не простую для лёсу беларускага |

| народа падзею. У рэспубліканскіх эшалонах улады разумелася, што |

| патрэбны будуць дадатковыя крокі, каб супакоіць, стрымаць людзей ад |

| вядзення далейшых спрэчак, выказвання магчымай незадаволенасці. Было |

| вырашана аўтарытэтам саміх пісьменнікаў паспрабаваць як-небудзь |

| утаймаваць страсці непрыхільнікаў новага правапісу. І трэба сказаць, |

| што многае тут удалося. Хаця і пішацца, што па ініцыятыве самога |

| Інстытута мовазнаўства Беларускай Акадэміі навук і Аргкамітэта Саюза |

| савецкіх пісьменнікаў БССР праводзіўся па вечарах 11, 13 і 15 снежня |

| 1933 года агульны сход пісьменнікаў Менска, але ж няма сумнення, што |

| ініцыятыва правядзення такога сходу зыходзіла ад партыйных інстанцый. |

| |

| Як ужо стала завядзёнкай пад той час, сход менскіх пісьменнікаў не мог |

| не прыняць прывітання «любімаму правадыру працоўных усяго свету» |

| І.В.Сталіну. Правадыра з Маскоўскага крамля яны запэўнілі, што будуць |

| «бязлітасна змагацца з усялякімі класава-варожымі элементамі», цалкам |

| пагадзіліся з логікай надта ж ужо папулярных сталінскіх тэзаў, што |

| «праз росквіт нацыянальных культур і моў у перыяд дыктатуры |

| пралетарыята» ўдасца стварыць вялікую «адну агульную сацыялістычную |

| культуру і адну агульную мову ў перыяд перамогі сацыялізма ва ўсім |

| свеце». І як было не пагадзіцца, калі рэфарматары беларускага |

| правапісу ўжо зрабілі значны крок у бок такой мовы праз свядомое |

| набліжэнне беларускай мовы да расейскай. |

| |

| Акрамя прывітання І.В.Сталіну, падобныя пасланні былі накіраваны |

| ўдзельнікамі сходу на імя першага сакратара ЦК КП(б)Б М.Гікалы і |

| старшыні СНК БССР М.Галадзеда, партыйнага і дзяржаўнага кіраўнікоў |

| Украіны С.Касіёра і П.Постышава. У першым з іх адзначалася, што |

| «пастанова СНК аб рэформе беларускага правапіса стварае яшчэ большыя |

| магчымасці для магутнага культурнага ўздыма і росквіта»; зрывае маску |

| з беларускіх нацдэмаў і нацыянал-фашыстаў, якія «ў сваіх |

| контррэволюцыйных інтэрвенцкіх мэтах увесь час праводзілі шкодніцкую |

| работу на мовазнаўчым і культурным фронце... імкнуліся пабудаваць |

| штучны бар\\\'ер паміж мовай і культурамі брацкіх совецкіх рэспублік |

| РСФСР і БССР»; выказвалася задаволенасць, што кампартыя рэспублікі |

| «нанесла сакрушальны ўдар па беларускай контррэволюцыі». |

| |

| Совецкія пісьменнікі БССР добра разумеюць, што барацьба з буржуазным |

| нацдэмакратызмам працягваецца, што абавязак кожнага сапраўды адданага |

| справе пабудовы бяскласавага грамадства пісьменніка сваю зброю, сваю |

| ненавісць абрушыць на рэшткі гібнучага класа, каб дабіць яго. |

| |

| У тым, што пісьменнікі Беларусі будуць бязлітаснымі ў гэтай барацьбе з |

| рэшткамі гібнучага класа, мы запэўняем працоўных Совецкай Украіны, |

| запэўняем КП(б)У, запэўняем яе ЦК». |

| |

| Цяжка сказаць, ці падліло гэтае прывітанне алею ў полымя барацьбы з |

| нацыянальна самасвядомай часткай украінскага народа. Але мы ведаем, |

| што і там барацьба была такой жа крывавай і бязлітаснай, як у |

| Беларусі. |

| |

| Прывітанні кіраўнікам Бсларусі і Ўкраіны былі без подпісаў беларускіх |

| пісьменнікаў. Як гэта часта тады практыкавалася, гэтыя прывітанні былі |

| прыняты сходам увогуле. Зразумела, далёка не ўсе з прысутных на ім |

| былі згодныя са зместам прывітанняў, але не пярэчылі толькі з-за |

| страху апынуцца пад падазрэннем у адпаведных органаў. |

| |

| На сходзе выступілі ажно 18 пісьменнікаў. Першым узяў слова Андрэй |

| Александровіч, у назве даклада якога - «Класавая барацьба на |

| мовазнаўчым фронце і рэформа правапіса беларускай мовы» - быў |

| зададзены тон сходу. Ваяўнічы характар мелі загалоўкі выступленняў |

| І.Гурскага «Ніякай літасці ворагу», М.Зарэцкага «Мова - зброя класавай |

| барацьбы», К.Крапівы «Змаганне дзвюх сістэм», М.Кульбака «На фронце |

| яўрэйскай мовы - яшчэ арудуюць класавыя ворагі», А.Куляшова «Ускрыць |

| маскіроўкі ворага». |

| |

| Кожны з выступоўцаў лічыў сваім «абавязкам» перад партыяй і ўрадам як |

| мага мацней стукнуць па «нацдэмах». Але найболый дасталася ім ад |

| Андрэя Александровіча. «Шкодніцтва нацдэмаў, - гаварыў ён, - з |

| асаблівай сілай праводзілася на мовазнаўчым фронце. На гэты фронт |

| беларуская контррэволюцыя кінула, бадай, ці не самыя лепшыя свае сілы, |

| і мовазнаўчыя ўстановы былі па сутнасці галоўнымі цытадэлямі |

| контррэволюцыйнай работы... |

| |

| Нацдэмы ўводзілі ў сучасную беларускую мову архаізмы з літоўскай |

| метрыкі, з слоўніка Бярынды, з розных сярэдневяковых дакументаў, |

| змагаліся за адрыў мовы ад жыцця, ад гаворак пралетарыята і працоўнага |

| сялянства, рашуча выганялі з мовы элементы інтэрнацыяналізма, |

| змагаліся супроць советызмаў - слоў, народжаных пролетарскай |

| рэволюцыяй, супроць слоў аднародных з рускай мовай». |

| |

| Вось такімі страшэннымі ворагамі маляваў асноўны дакладчык сходу |

| многіх з тых, хто па-сапраўднаму клапаціўся пра чысціню і самабытнасць |

| мовы. Абвінавачванне ж «нацдэмаў», што яны былі супроць наплыву і |

| ўжывання ў беларускай мове «слоў аднародных з рускай мовай» ужо да |

| рэформы правапісу беларускай мовы і асабліва пазней было выкарыстана ў |

| якасці падставы не толькі не перашкаджаць, а, наадварот, ва ўсім |

| садзейнічаць гэтаму зусім неапраўданаму працэсу ў культурна-моўным |

| развіцці беларускай нацыі. Прыхільнікаў такога працэсу, як пакажа |

| далейшае жыццё, найбольш было сярод работнікаў выдавецтваў, рэдакцый |

| газет і часопісаў, якія цалкам апынуліся пад уладай партыйных органаў, |

| а таксама ў асяроддзі некаторых пісьменнікаў, журналістаў і |

| навукоўцаў-мовазнаўцаў, што імкнуліся сваімі творамі садзейнічаць |

| збліжэнню беларускай мовы з расейскай. |

| |

| Пры ўсёй сваёй запалітызаванасці сходу некаторыя бачылі, што |

| «рафінаванне» беларускай мовы, чаму даваў такія шырокія магчымасці |

| дэкрэт СНК БССР ад 26 жніўня 1933 года, можа вельмі трагічна |

| закончыцца для яе, і таму рабіліся спробы хоць эзопаўскай мовай |

| папярэдзіць надыход такой непажаданай з\\\'явы. |

| |

| Мова была роднай і дарагой, і найперш сваёй адметнасцю і самабытнасцю, |

| многім майстрам прыгожага пісьменства. Калі ж яны і падтрымлівалі |

| пастанову СНК аб спрашчэнні правапісу, дык толькі таму, што былі сілы, |

| якія патрабавалі ад іх менавіта такіх адносін. Хаця да масавых |

| рэпрэсій яшчэ заставаліся чатыры-пяць гадоў, у Беларусі ўжо |

| пракаціліся магутныя хвалі барацьбы з надуманымі нацыянал-дэмакратамі, |

| у выніку якой давялося панесці шмат страт, не выключаючы і самога |

| жыцця, у асяроддзі беларускай інтэлігенцыі. Да гэтага часу амаль згас |

| дух беларусізацыі, а яе найбольш гарачыя прыхільнікі па волі савецкіх |

| карных органаў адхіляліся ад любімай працы, вымушаны былі жыць дзесьці |

| далёка ад роднай Бацькаўшчыны. Людзей агарнуў вялікі страх за свой |

| лёс, яны ўсё менш і менш давяралі адзін аднаму. Жыццё калектываў |

| творчай і навуковай інтэлігенцыі ў значнай ступені падпала пад уплыў |

| партыйных арганізацый, таму не дзіўна, што ўдзельнікі агульнага сходу |

| пісьменнікаў Менска такімі адзінымі былі ў ацэнцы рэформы беларускага |

| правапісу, у якой было больш партыйнай палітыкі, чым лінгвістычнай |

| патрэбнасці. Кожны выступоўца пры выказванні думкі вымушаны быў куды |

| больш кіравацца лініяй партыі ў нацыянальнай палітыцы, у тым ліку і |

| моўнай, чым неабходнасцю ўнясення якіх-небудзь змен у беларускі |

| правапіс. |

| |

| У тым жа годзе Інстытут мовазнаўства Беларускай Акадэміі навук выдаў |

| кнігу «Пісьменнік і мова: Збор артыкулаў, прысвечаных барацьбе за |

| культуру мовы». Усё тая ж набітая аскоміну гаворка пра барацьбу «за |

| ачыстку мовы ад класава-шкодных плыняў, ад нацдэмізмаў, архаізмаў, ад |

| штучна ўтвораных па нацыяналістычнаму тыпу слоў». Звяртае на сябе |

| ўвагу апошні абзац з прадмовы дырэктара Інстытута мовазнаўства Андрэя |

| Александровіча да кнігі: «Калі кнігай «Пісьменнік і мова» нам удалося |

| нанесці яшчэ адзін скрышальны ўдар па недабітых рэштках нацдэмаўшчыны |

| ... пастаўленую перад сабою задачу ... мы выканалі». |

| |

| Бясспрэчна, такая мэта была дасягнута і не ў малой ступені дзякуючы |

| артыкулу самога А.Александровіча пад назвай «Вырваць з корнем |

| пустазелле», якім пачыналася кніга. Называючы нацдэмаў у мовазнаўстве |

| такімі выразамі, як «бяздарныя невукі», «хітрыя, звераватыя палітыкі і |

| палітыканы», ён яшчэ больш распальваў гэтую шкодную ў асяроддзі |

| беларускіх літаратараў барацьбу. Такому ж распальванню служыў і заклік |

| арганізатара мовазнаўчай акадэмічнай навукі: «... трэба максімальна |

| глыбока ўскрыць подлую атрутную работу нацыяналістаў, ускрыць іх |

| метады і формы работы на моўным фронце, паказаць змест тых формул, |

| якія мы прывыклі даваць па адрасу іх работы (паланізатарства, |

| насаджэнне архаізмаў і неалагізмаў)». На думку аўтара разглядаемага |

| артыкула, барацьбу супроць засмечвання мовы неабходна пераплятаць «з |

| барацьбой супроць нацыяналізма, супроць беларускага контррэволюцыйнага |

| нацыянал-дэмакратызма, таму што гэтаму засмечванню нацыянал-дэмакраты |

| прыдалі дадатковую класавую функцыю - змагацца супроць партыі і |

| пролетарыята на фронце будаўніцтва нацыянальнай культуры». |

| |

| Шмат бруду на «нацыяналістаў» выліў Эд.Галубок у артыкуле пра стыль |

| беларускай савецкай драматургіі. Апошняя, паводле яго цвёрдага |

| меркавання, прыйшла да свайго мастацкага росту, толькі «вядучы пад |

| кіраўніцтвам партыі напружаную барацьбу з нацыянал-дэмакратамі, якія |

| імкнуліся захапіць пазіцыі ў галіне тэатра і ў прыватнасці |

| драматургіі». А калі гэта так, дык і аўтару самому нічога не |

| заставалася рабіць, як далей працягваць барацьбу з «нацдэмамі», |

| выкрываць іх варожыя дзеянні і задумы. Заключаліся яны нібыта ў |

| адшукванні выкрышталізаванай мовы «мастацтва як мастацтва, даступнага |

| толькі адзінкам, надзеленым высокай мерай пачуцця», у ідэалізацыі мовы |

| кулацтва, дробнабуржуазнай інтэлігенцыі, захвальванні мовы |

| Дуніна-Марцінкевіча, імкненні да «своеадменнай і высокаякаснай |

| беларускай мовы», якая адрознівалася б «па сваіх культурных адзнаках |

| ад мовы расійскай». |

| |

| Закончваў кнігу артыкул П.Юргілевіча «Моўныя тэорыі і практыка |

| контррэволюцыйных лідэраў «Узвышша». Адштурхнуўшыся ад палажэння |

| вядомага навукоўца-філолага Мікалая Мара, што мова ёсць «нязменны |

| сродак класавай барацьбы», П.Юргілевіч і распачаў яе з «нацдэмамі» ўжо |

| з першых радкоў артыкула. На думку аўтара, самыя галоўныя сілы |

| «нацдэмаў» былі сканцэнтраваны на мовазнаўчым участку і сярод іх, |

| вядома, у першую чаргу Я.Лёсік, С.Некрашэвіч, В.Ластоўскі, М.Гарэцкі і |

| П.Бузук. Гэта яны зрабілі «мовазнаўчыя інстытуцыі... цытадэлямі сваёй |

| падрыўной контррэволюцыйнай работы», далі ўстаноўку на «стварэнне |

| штучнага бар\\\'ера паміж беларускай мовай і мовай рускага пролетарыята і |

| набліжэнне беларускай мовы да мовы фашыскай Польшчы». Варожасць, |

| антысавецкую накіраванасць дзеянняў «нацдэмаў» П.Юргілевіч бачыць |

| літаральна ва ўсім: замене кірыліцы на лацінку, каб толькі не быць |

| падобнай да расейскай азбукі, ва ўвядзенні ў беларускі алфавіт |

| некаторых новых літар і асабліва ў тым, як складаліся імі слоўнікі, |

| распрацоўвалася тэрміналогія, у выніку чаго нібыта не знайшлося ўжытку |

| для сотняў, тысячаў агульных для беларускай і расейскай моваў слоў. |

| |

| Аб\\\'ектам самай злоснай крытыкі стаў «зброеносец нацдэмізму» Ўладзімір |

| Дубоўка, які, як вядома, шмат зрабіў для ўзвышэння прэстыжу беларускай |

| мовы ў грамадстве, вывучэння шляхоў яе развіцця. Ён лічыў, што |

| нацыянальная мова з\\\'яўляецца нечым спрадвечным і арганічна звязаным з |

| самім народам, што ў ХІІ-ХVІ стагоддзях беларуская мова дасягнула |

| найвялікшага росквіту. Адмаўляецца сцвярджэнне Дубоўкі, што «ў склад |

| беларускага лексікона ўваходзяць у пераважнай большасці словы |

| агульнаславянскія і самабытна беларускія». Няцяжка зразумець чаму: |

| адсутнічае залежнасць развіцця беларускай мовы ад расейскай, няма |

| падстаў разглядаць першую як дыялект другой. У такім жа святле |

| разглядаюцца тут «нацдэмаўскі трубадур» Язэп Пушча, мова якога |

| гэтаксама «перасыпана нацдэмізмамі», «махровы нацдэм» Язэп Лёсік і |

| абаронца «нацдэмаўскай лініі ўзвышанцаў» Адам Бабарэка. |

| |

| Усё, што рабілася напярэдадні і пасля прыняцця пастановы СНК БССР аб |

| рэформе беларускага правапісу, не магло не хваляваць і прадстаўнікоў |

| небеларускай творчай, навуковай інтэлігенцыі. Цікава выказаўся на |

| нарадзе летувіскіх савецкіх пісьменнікаў Беларусі (праходзіла ў 1933 |

| г.) В.Сербента: «Добры ці дрэнны новы беларускі правапіс, пакажа |

| будучыня. Няма чаго спяшацца з такім складаным пытаннем». А вось |

| сакратар Аргкамітэта ССП БССР Я.Бранштэйн назваў выступленне |

| В.Сербенты рэакцыйным і нацыяналістычным. |

| |

| СПЛАЦІЦЬ ДАЎГІ |

| |

| Як няцяжка было заўважыць, вышэй у мяне гаворка вялася пра погляды на |

| рэформу беларускага правапісу 1933 года асобаў і перш за ўсё |

| пісьменнікаў, якія ўжо на той час паспелі знайсці сабе месца (хтосьці |

| і даволі прэстыжнае) у грамадскім жыцці, інтэгравацца ў |

| дзяржаўна-партыйныя структуры, стаць іх даволі актыўнымі абаронцамі. |

| Зусім іншых поглядаў на рэформу прытрымліваліся літаратары, што |

| знаходзіліся ў самым нізе ўзведзенай у Беларусі дзяржаўна-партыйным |

| апаратам сацыяльнай піраміды, не мелі аніякіх званняў і ўзнагарод. |

| Вось, да прыкладу, думка пісьменніка і пасляваеннага эмігранта Янкі |

| Золака, якога на пачатку 30-х гадоў ведалі толькі на роднай |

| Магілеўшчыне: «Наша пакаленне выхавана ў час беларусізацыі. Мы паспелі |

| ўвабраць нацыянальны дух. І калі пачалася змена правапісу, успрынялі |

| гэта адмоўна, але нічога не маглі зрабіць. Пазнейшыя пакаленні ўжо |

| адыходзілі ад нацыянальнай самасвядомасці... Мы з трывогай назіралі, |

| як трымаюцца нашы пісьменнікі». А трымацца ім было ой як нялёгка... |

| |

| А вось што рэформа правапісу была з\\\'явай штучнай, навязанай народу |

| зверху партыйна-дзяржаўнай наменклатурай, сведчыць адсутнасць усялякай |

| падтрымкі яе з боку саміх носьбітаў беларускай мовы, а таксама больш |

| нізкіх паводле сацыяльнага статусу, але затое самых масавых майстроў |

| пяра, педагагічнай інтэлігенцыі. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна |

| і Беларусь апынулася пад фашысцкай акупацыяй, з часу ўвядзення новага |

| правапісу мінуў ужо і не такі малы тэрмін. Каб рэформа была ў многіх |

| адносінах з\\\'явай станоўчай, за гэты час яна магла б пусціць даволі |

| глыбокія карані ў душы і сэрцы беларусаў. Не, такіх каранёў яна не |

| пусціла. Пераважна на ініцыятыве вышэйпералічаных катэгорый |

| інтэлігенцыі, а не па загадзе акупацыйных уладаў на старонкі |

| перыядычнага друку, у навучальна-выхаваўчы працэс школ, службовае |

| справаводства і іншыя сферы жыцця пачала вяртацца беларуская мова |

| дарэформеннага ўзору, і пярэчанняў з такой нагоды нідзе не назіралася. |

| |

| Міналі гады... Не адна генерацыя вучняў паспела закончыць сямігадовыя |

| і дзесяцігадовыя школы, карыстаючыся правапісам 1933 года, але таго, |

| хто ведаў беларускую мову да яе рэфармавання, не-не дый агортвала |

| настальгія. Зразумела, такіх людзей найбольш было сярод |

| настаўнікаў-мовазнаўцаў. Некаторыя спрабавалі давесці адпаведным |

| структурам пра найбольш істотныя хібы ў правапісе 1933 года, якія |

| выяўляліся ў ходзе практыкі выкладання беларускай мовы ў школе. Але |

| ніхто ў вярхах не збіраўся слухаць такіх рупліўцаў роднага слова. Вось |

| пазіцыя па даным пытанні аднаго з высокіх кіраўнікоў Міністэрства |

| асветы рэспублікі С.Умрэйкі, выкладзеная ім у 1949 годзе ў юбілейным |

| артыкуле «30 год совецкай школы ў БССР»: «Прынятая ўрадам БССР у 1933 |

| годзе пастанова аб рэформе беларускага правапісу нанесла вялікі ўдар |

| па беларускаму наныяналізму і яго стаўцы на знішчэнне ўсяго таго, што |

| збліжала беларускі народ з вялікім рускім народам». Як бачым, і ў |

| даным выпадку, накшталт таго што пісалася і гаварылася пра рэформу |

| правапісу ў 30-я гады, галоўнае ў яе ацэнцы займаў ідэалагічны аспект, |

| ставіць пад сумненне, крытыкаваць які ніхто не асмельваўся. І ўсё ж, |

| як бы ні абаранялі праведзеную ў 1933 годзе рэформу правапісу |

| беларускай мовы, недахопы яе станавіліся відавочнымі, і асабліва для |

| тых, хто прафесійна быў звязаны з выкарыстаннем роднага слова. Хацелі |

| таго афіцыйныя структуры ці не, але пад напорам самога жыцця ім |

| давялося ў канцы 50-х гадоў пайсці на пэўныя ўдакладненні беларускага |

| правапісу. |

| |

| Чарговая хваля за перагляд рэформы 1933 года прыпадае на другую палову |

| 80-х гадоў, калі пачалі на-новаму пераасэнсоўвацца многія неардынарныя |

| падзеі і факты з нашага эканамічнага, палітычнага і |

| сацыяльна-культурнага жыцця. Характэрна, што з крытыкай рэформы 1933 |

| года першымі выступілі не вядучыя навукоўцы-мовазнаўцы, масцітыя |

| літаратары, а іх маладыя калегі - У.Арлоў, А.Асташонак, А.Бяляцкі, |

| П.Васючэнка, А.Сідарэвіч і інш., невялічкі допіс якіх у газету |

| «Літаратура і мастацтва» (18 верасня 1988 г.) даў моцны штуршок для |

| несціханай і па сёння гаворкі па даным пытанні. |

| |

| Ва ўсім тым, што мне ўдалося прачытаць пра гэта, значна пераважаюць |

| публікацыі крытычнага характару ў дачыненні да рэформы беларускага |

| правапісу 1933 года. І з іх аргументацыяй проста нельга не пагадзіцца. |

| Перакананы, што, нягледзячы на ўсялякага роду эканамічныя цяжкасці ў |

| сувязі з пераходам да рынкавай эканомікі, мы не можам пакідаць сваю |

| мову ў тым стане, у які яна трапіла ў выніку дапушчаных свядома і |

| падсвядома хібаў у кіраванні нацыянальна-культурным развіццём |

| беларускага народа. Адхілены ад роднага слова, ён ледзь не пагалоўна |

| стаў ахвярай расейскамоўнай асіміляцыі. Яўныя спробы рэфарматараў |

| беларускай мовы 1933 года наблізіць апошнюю да расейскай у |

| марфалагічных і фанстычных адносінах не маглі ў будучым не паспрыяць |

| расейскамоўнай асіміляцыі карэннай нацыі БССР. Вядома ж, што гэтыя |

| працэсы адбываюцца найбольш «паспяхова», калі справа датычыць народаў |

| з блізкароднаснымі мовамі. Прыгадаем адносна хуткае выцясненне |

| беларускай мовы з афіцыйнага жыцця ў часы Рэчы Паспалітай, як толькі |

| ўвялі польскую мову ва ўжытак, а затым і зусім у ранг дзяржаўнай на |

| ўсёй тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага. Менавіта блізкароднасць |

| моваў была ўзята пад увагу і царскай адміністрацыяй, якая з другой |

| паловы ХІХ стагоддзя ўзмоцніла моўную асіміляцыю беларусаў. Так што ў |

| гэтай далёка не гуманнай справе ініцыятары рэформ беларускай мовы ў |

| 1933 годзе не былі наватарамі, бо яны ішлі добра вядомым і да іх |

| шляхам асіміляцыі. |

| |

| Не выключана, што многім сённяшнім беларусам, якія размаўляюць і |

| пішуць толькі на сучаснай роднай мове, дарэформенная мова можа здацца |

| ў чымсьці нязвыклай, больш складанай для авалодання. Але ўсё гэта не |

| так. Тая мова па мілагучнасці перасягае сучасную. Нездарма добры |

| знаўца і руплівец роднага слова Кузьма Чорны так сказаў пра мову, што |

| дасталася нам ад даравалюцыйнага часу: «Вялікая беларуская моўная |

| стыхія ня толькі не загінула за час шматвяковага нацыянальнага |

| падняволеньня Беларусі, ня толькі ня была праглынута моцнымі |

| культурамі суседніх народаў, а захавала сваю чыстату, скрышталявалася |

| ў надзвычайнае багацьце орыгінальных формаў, служачы нават багатым |

| матар\\\'ялам для суседніх моўных культур. Беларуская мова - мова |

| беларускіх казак і песень, фразэолёгія народнае гутаркі - гэта |

| найглыбейшая самабытнасьць і хараство». |

| |

| Калі цяпер сёй-той пра сучасную беларускую мову гаворыць як пра |

| дыялект ці кальку з расейскай, дык, відаць, мае пэўную рацыю, бо ад |

| таго часу, як была праведзена рэформа правапісу, з лёгкай рукі |

| работнікаў выдавецтваў, рэдакцый газет і часопісаў ды і саміх |

| навукоўцаў-філолагаў у беларускую мову трапіла процьма паасобных слоў |

| і выразаў з расейскай, што першая стала ў многім вельмі падобнай да |

| другой, не здабыўшы, аднак, ад гэтага аніякага хараства. Парушылі мы |

| слушны наказ Кузьмы Чорнага: «Літаратурная мова павінна быць моваю |

| чыстаю, беларускаю». Не сумняваюся, што большасць з тых, хто прыклаў |

| руку да правапісу 1933 года, не знайшоў бы ў сучаснай беларускай мове |

| многага з таго, на што тады разлічвалася яе рэфарматарамі. Мы пайшлі |

| значна далей, чым імі задумвалася, у шмат разоў павялічыўшы памылку |

| 1933 года. |

| |

| Незалежна ад таго, як будзе адбывацца ў нас рэформа беларускай мовы, |

| трэба ўжо сёння весці санацыю яе лексікі ад русізмаў і вельмі |

| асцярожна, удумліва ставіцца да аднаўлення ці новага запазычвання |

| паланізмаў, бо сям-там мы ўжо перагінаем кій. Можа ўсё ж трэба |

| прыслухацца да таго, што пісаў у 1924 годзе В.Ластоўскі ў прадмове да |

| свайго «Расійска-крыўскага (беларускага) слоўніка»: «... кождае чужое |

| слова, занесенае ў мову, асымілюе, зьлівае мову з суседзкай, забівае |

| яе асобны характар, а таму трэба, асабліва пішучы, высьцерагацца |

| ўжываць сходныя з суседзкімі словы, хоць-бы яны і былі ў мове, а браць |

| такія, якіх няма ў чужынцаў...» |

| |

| Хочацца паразважаць яшчэ і адносна праблемы лацінскай азбукі. Для |

| беларусаў гэта не навіна. З ёю яны даўно знаёмыя, але адносіны да |

| такой азбукі не заўсёды былі паважлівымі. А што датычыць увядзення яе |

| ў 1929/30 навучальным годзе ў беларускія і польска-беларускія школы |

| Заходняй Беларусі, дык увогуле такі акт многімі прагрэсіўнымі дзеячамі |

| і педагогамі быў расцэнены як грубае апалячванне беларускіх дзяцей. |

| Вось што пісаў з гэтай нагоды вядомы педагог Заходняй Беларусі Сяргей |

| Паўловіч: «Замена гэтая касуе ўсе здабыткі нашага пісьменства, якое |

| грунтуецца выключна на кірыліцы і пазбаўляе нашу азбуку свайго |

| нацыянальнага твару... Кірыліца зраслася з усім укладам нашага жыцця, |

| з усімі нашымі навуковымі і літаратурнымі дасягненнямі, яна - |

| спадарожнік нашага культурнага адраджэння. Адным словам, кірыліца - |

| нацыянальная беларуская азбука». |

| |

| Дапушчанае Сяргеем Паўловічам перабольшванне ролі кірыліцы можна |

| зразумець як рэакцыю на хітра задуманую ўладамі Польшчы спробу |

| ўзмацнення паланізацыі беларускага насельніцтва т.зв. «усходніх |

| крэсаў». Цяпер гэты фактар нас не палохае і таму да лацінкі можна |

| ставіцца больш аб\\\'ектыўна. Цалкам адмаўляць яе няма аніякіх падстаў, |

| бо яна вельмі паспяхова спраўляецца са сваімі функцыямі ў шэрагу |

| славянскіх моў. І калі б не нашае жабрацкае эканамічнае становішча, |

| востры папяровы дэфіцыт, можна было б паспрабаваць далучаць дзяцей да |

| беларускіх тэкстаў на лацінскай азбуцы ў год, калі яны пачынаюць |

| вывучаць заможную мову. |

| |

| Шчыра заклапочаныя лёсам роднага слова людзі ўскладалі вялікую надзею |

| на запланаваную на лістапад 1992 года Рэспубліканскую навуковую |

| канферэнцыю «Праблемы беларускага правапісу», галоўным арганізатарам |

| якой быў Інстытут мовазнаўства АН Рэспублікі Беларусь. Прысутныя на |

| філалагічным форуме навукоўцы, выкладчыкі сярэдніх і вышэйшых |

| навучальных устаноў мелі магчымасць праслухаць дзесяткі цікавых |

| дакладаў і выступленняў, у час якіх выказваліся самыя розныя |

| меркаванні па ўсіх прынцыпова важных праблемах беларускага правапісу. |

| І гэта натуральна, бо сярод навукоўцаў-філолагаў існуюць розныя |

| погляды на Рэформу беларускага правапісу 1933 года. |

| |

| Больш за ўсё непакоіць, што ёсць навукоўцы, якія лічаць Рэформу 1933 |

| года справядлівай, а таму і недатыкальнай. Магчыма, дзесьці яна і |

| аблегчыла напісанню тых ці іншых слоў, але гэта зусім нязначная |

| заслуга ў параўнанні з тым, што яна забрала ў нашай мовы з нутрана |

| ўласцівага ёй. Акрамя таго, рэформа адначасова ўносіла ў беларускую |

| мову нехарактэрныя для яе рысы з тым, каб толькі наблізіць яе да |

| тагачаснай агульнадзяржаўнай для ўсіх савецкіх народаў расейскай мовы. |

| Набліжэнне беларускай мовы да расейскай і па форме, і на лексіцы, як |

| паказаў шасцідзесяцігадовы вопыт, атрымалася штучным і таму не мае |

| права на жыццё. Сучаснае нацыянальна-культурнае Адраджэнне не ў стане |

| паспяхова рэалізавацца без вяртання нашай мове ўсяго таго сапраўды |

| беларускага, чаго пазбавілі яе ў сумна вядомым 1933 годзе, кіруючыся |

| не якімі-небудзь важкімі лінгвістычнымі, а найперш ідэалагічнымі, |

| сацыяльна-класавымі матывамі. Якія б мы ні рабілі захады на ўмацаванні |

| нацыянальных пачаткаў у нашым жыцці, яно заўжды будзе нетрывалым, |

| неканкурэнтаздольным у кантактах з расейскай нацыяй, пакуль нашай мове |

| максімальна не вернуць гвалтам адабраных адметнасцяў. Гістарычны вопыт |

| многіх народаў пераканаўча паказаў, што ступень супраціўлення |

| культурна-моўнай асіміляцыі таго ці іншага этнасу знаходзіцца ў прамой |

| залежнасці ад ступені самабытнасці яго роднай мовы. Прыкладам можа |

| служыць і менш пашкоджаная ад усялякага роду рэфармавання мова |

| суседняга нам украінскага народа, якая не так баіцца ўзаемадачыненняў |

| з расейскай мовай. Наша ж мова, дзякуючы Рэформе 1933 года, |

| мэтанакіраванай шматгадовай дзейнасці саміх калектываў |

| навукова-філалагічных устаноў, рэдакцый газет і часопісаў, выдавецтваў |

| ледзь не ўсутыч набліжана да расейскай, таму нават пры самых малейшых |

| кантактах з апошняй яшчэ больш падпадае над яе ўплыў, губляе сваю |

| самабытнасць, русіфікуецца. Усяго гэтага не было ці было б у зусім |

| нязначных, непагражальных памерах, калі б мы так бязлітасна не |

| разбурылі нацыянальную аснову роднай мовы. |

| |

| Сучаснае пакаленне беларускай інтэлігенцыі, асабліва |

| навукоўцы-філолагі, пісьменнікі, павінна прыкласці ўсе намаганні для |

| таго, каб наша мова перастала быць калькай з расейскай і каб па гэтай |

| прычыне беларусаў не называлі расейцамі ды толькі з нейкім мясцовым |

| дыялектам. Даведзенае да крайнасці падабенства беларускай мовы да |

| расейскай заўсёды будзе даваць падставы розным групоўкам |

| велікарасейскага дзяржаўнага шавінізму разглядаць наш край як нібыта |

| спрадвечна расейскі і весці прапаганду сярод людзей за яго ўключэнне ў |

| склад Расейскай федэрацыі накшталт колішняга Паўночна-Заходняга краю, |

| робячы ўпор на блізкасць моваў. |

| |

| Трэба заставацца самім сабой, чым толькі і заслужым павагу ад іншых. А |

| гэтага не дасягнеш без напружанай, свядомай дзейнасці людзей і найперш |

| інтэлігенцыі па ўзбагачэнні нашага духоўнага патэнцыялу, без істотнага |

| ўдасканалення нацыянальнага правапісу, ачышчэння лексікі беларускай |

| мовы ад процьмы штучных, зусім непатрэбных і лішніх для яе русізмаў. |

| Цалкам прывесці наш правапіс у адпаведнасць з сучасным |

| нацыянальна-культурным Адраджэннем справа надзвычай складаная і |

| запатрабуе для сваёй рэалізацыі не аднаго года, хаця ў нашых варунках |

| не хацелася б губляць нават і аднаго месяца. Таму ці не ў інтарэсах |

| адраджэнскіх працэсаў было б адважыцца на паэтапнае вяртанне ўсяго |

| таго пазітыўнага, што было ў беларускай мове да 1933 года? |

+------------------------------------------------------------------------+

Спіс літаратуры:

1. Леанід Лыч “РЭФОРМА БЕЛАРУСКАГА ПРАВАПІСУ” -галоўная крыніца;

2. “Сучасная гісторыя беларускай мовы і яе праблемы” Мінск 1994;

3. Уладзімір Арлоў ;

А таксама пад уплывам кнігі Васіля Быкава “ПАХАДЖЕННЕ” -Наша ніва 1999

(Vostraja Brama Вільня).




Информационная Библиотека
для Вас!



 

 Поиск по порталу:
 

© ИНФОРМАЦИОННАЯ БИБЛИОТЕКА 2010 г.